Паўстагоддзя таму, у студзені 1974-га, пад крылом Белдзяржфілармоніі ўзнік калектыў, якому суджана было разбурыць стэрыятыпы пра нацыянальнае мастацтва. Напярэдадні юбілею завіталі на рэпетыцыю ў прасторную балетную залу філармоніі, якую "Харошкі" арандуюць. Шмат гадоў таму ансамбль адправіўся ў самастойнае плаванне, але творчыя кантакты засталіся. Да таго ж цяперашні генеральны дырэктар Аляксандр Нікіта перад сваім прызначэннем працаваў у "Харошках" - музыкантам, потым дырэктарам калектыву.
Мне крыху не пашанцавала. Заснавальніца і шматгадовы кіраўнік ансамбля народная артыстка Беларусі Валянціна Гаявая прыхварэла. У ліпені ёй споўніцца 88 - узрост шаноўны. Інтэрв’ю за сваё доўгае творчае жыццё яна дала безліч. А вось пабачыць, як працуе новы мастацкі кіраўнік "Харошак" Ірына Грушова, было цікава. Прызнаюся, слухаючы непаўторныя спевы і назіраючы за вытанчанасцю танцавальных кампазіцый, міжволі расчулілася…
- Працую тут амаль 24 гады, калі не лічыць заняткаў у дзіцячай студыі, у якую прыйшла 11-гадовай дзяўчынкай, скончыла яе і засталася ў калектыве, - расказвае Ірына Грушова. - Не магу адпусціць танцоўшчыцу, якая жыве ў мяне ўнутры, таму сумяшчаю кіраўніцтва і танец.
Ірына гаворыць, што былі часы, калі прыток моладзі амаль спыніўся, і цяпер даводзіцца гэта выпраўляць.
- Прыходзіць новая хваля артыстаў - і старэйшыя пакаленні мусяць перадаць ім не толькі матэрыял, але і дух "Харошак", - заўважае суразмоўца. - Мы працуем з беларускім фальклорам. Прапагандуем айчынную харэаграфію, абрады, звычаі, намагаючыся захаваць традыцыі народна-сцэнічнага танца.
Залаты фонд "Харошак" - 65 найлепшых нумароў, створаных за паўстагоддзя. Гэта ўжо класіка беларускай харэаграфіі, ставіцца да якой трэба належным чынам: нельга неяк змяняць, перарабляць. У адваротным выпадку гэта будзе што заўгодна, але не "Харошкі" з іх цалкам натуральным народным гумарам і высокага ўзроўню прафесійным майстэрствам.
Пры ансамблі шмат гадоў працуе дзіцячая студыя, куды набіраюць хлопчыкаў і дзяўчынак з шасці гадоў. Менавіта тут пачынала калісьці сваю творчую кар’еру Ірына Грушова. Разам з іншымі дзецьмі старанна засвойвала элементы класічнага і народнага танца, у старэйшых класах перайшла да вывучэння рэпертуару "Харошак", каб надалей звязаць свой лёс са знакамітым калектывам. У снежні ўдзельнікі студыі заваявалі пачэснае серабро на Міжнародным конкурсе лаўрэатаў у галіне харэаграфічнага мастацтва Grand Premium, а кіраўнік Алена Багданава атрымала спецыяльны прыз "За захаванне народных традыцый".
У сакавіку 1980 года аркестр "Харошак" складаўся з трох скрыпак, басэтлі, дзвюх лір, цымбалаў, ударных і гармонікаў
Дырэктар ансамбля Руслан Абдул некалі пачынаў тут артыстам балета. Выпускнік класічнага аддзялення Беларускага дзяржаўнага харэаграфічнага каледжа, мае дзве вышэйшыя адукацыі, вучыцца ў магістратуры Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі.
- Быць тут, у "Харошках", значыць знаходзіцца ў прыгажосці, - гаворыць Руслан, на плячах якога трымаецца гастрольна-канцэртная дзейнасць калектыву і ўвогуле ўсё, што з ім звязана. - Не толькі танцы, музыка, касцюмы, але і самі артысты ў нас прыгожыя як звонку, так і знутры. "Харошкі" - гэта не проста праца, гэта сям’я. З яе папаўненнем на пэўным этапе ўзніклі праблемы. Цяпер наша задача - забяспечыць пераемнасць пакаленняў, перадаць творчы здабытак і традыцыі "Харошак" у моцныя маладыя рукі.
Аднак сённяшнія цяжкасці ўяўляюцца дробяззю ў параўнанні з тым, што зрабіла паўстагоддзя таму сапраўдная легенда "Харошак" Валянціна Гаявая. "Калі я пачынала гаворку пра тое, што беларускую харэаграфію трэба падымаць да ўзроўню сапраўднага прафесійнага калектыву, мае суразмоўцы паціскалі плячыма: «Якая нацыя? Беларускай нацыі няма!». І гэта казалі беларусы", - з абурэннем успамінала яна ў адным са сваіх шматлікіх інтэрв’ю.
"Не магу адпусціць танцоўшчыцу, якая жыве ў мяне ўнутры"
У 1967 годзе Гаявая пасля заканчэння ленінградскай Вышэйшай школы прафсаюзаў пры ВЦСПС услед за мужам Мікалаем Дудчанкам прыехала на працу ў Магілёў. Чаму яны выбралі менавіта БССР? Пытанне, якое цікава было б задаць многім нашым выбітным творцам, што нарадзіліся далёка ад Беларусі: Уладзіміру Мулявіну і Валянціну Елізар’еву, Яўгену Глебаву і Зіновію Бабію і іншым. Ці то рэпутацыя Беларусі як адной з найлепшых рэспублік Саюза, ці то гасціннасць мясцовых улад, якія ў клопаце пра нацыянальнае мастацтва ўсяляк падтрымлівалі таленты, былі таму прычынай, але на нашу зямлю імкнуліся многія.
Валянціна Гаявая нарадзілася ў бязмежных стэпах паміж Волгай і Донам. Яе дзіцячыя гады прайшлі ў казацкай слабадзе Праўда - Валянціна Іванаўна называла яе па-старадаўняму Данілаўкай. З Праўды яна з’ехала ў Маскву, бо хацела стаць артысткай. Але лёс пакручастымі сцежкамі прывёў яе ў балетмайстэрства і ў Беларусь, хаця планавала танцаваць у хоры Пятніцкага ці ў Ленінградскай музкамедыі, куды таксама запрашалі. Сузаснавальнік і балетмайстар "Харошак" Мікалай Рыгоравіч Дудчанка (на жаль, год назад ён пайшоў з жыцця) таксама чалавек здалёку. Нарадзіўся ў Чалябінску. Яго вельмі настойліва клікалі ў балетны ансамбль Гербека.
"Мне падабаюцца беларускія людзі, сама Беларусь, яе прырода, - тлумачыла Гаявая надакучлівым журналістам. І дадавала: - Мой дзед па матчынай лініі быў беларусам". Магчыма, з усведамлення гэтага факта і нарадзілася не проста цікаўнасць да беларускай культуры, а жаданне і гатоўнасць яе будаваць. "Вельмі цяжка было, - расказвала Валянціна Гаявая. - Часта чула, як казалі: "Не цярплю беларускае мастацтва!" Мяне гэта заўсёды вельмі засмучала. Як можна не любіць свой фальклор, свой народ? Скептыкі, калі траплялі на нашы канцэрты, пускалі слязу, а пасля выступленняў прызнаваліся: "Сёння ж паеду ў вёску да мамы". У гледачоў падчас нашых канцэртаў мяняецца нешта ўнутры".
Вось так "Гусарыкі" выглядаюць сёння. Саліст Валянцін Аўдзяюк
Пачалося ўсё з ансамбля "Вяснянка", які Гаявая з Дудчанкам заснавалі пры Доме культуры Магілёўскага аўтамабільнага завода імя С.М. Кірава. У Сафіі, потым у Габраве, куды самадзейны калектыў запрасілі па культурным абмене, сказалі, што, маўляў, несумленна замест аматараў прывозіць прафесіяналаў. Дарма пераконвала Валянціна Іванаўна, што яе танцоры - звычайныя рабочыя аўтазавода.
У Магілёве яна шукала спецыфічную беларускую танцавальную мову для сваіх харэаграфічных кампазіцый, яркіх персанажаў. Іх вобразы дагэтуль жывуць у рэпертуарнай скарбніцы "Харошак". "Весялуха" нарадзілася з назіранняў за бабуляй і дзяўчынай, якія даглядалі Гаявую ў магілёўскім шпіталі, калі тая нечакана моцна захварэла.
"Быць тут, у "Харошках", значыць знаходзіцца ў прыгажосці"
Невычарпальнай крыніцай натхнення была для Гаявой яе магілёўская суседка баба Прося і Пётр Капейка, які стаў правобразам шалапутнага мужычка з "Валачобнікаў". З Пятром яна пазнаёмілася ў вёсцы Крамок Асіповіцкага раёна, дзе ў 1986-м купіла хату і хутка наладзіла кантакты з мясцовымі людзьмі. Прызнавалася, што з вяскоўцамі ёй цікавей, чым з гарадскімі. "Я шукаю вобразы сярод простага народу. Калі бачу цікавага чалавека, то заўважаю, як ён ходзіць, як рукамі махае", - расказвала Гаявая. Ці атрымалася ўвасобіць персанажаў на сцэне, правярае, запрашаючы іх на канцэрты. Тыя глядзяць і плачуць: "Дакладна так мы касілі і так сядзелі, як ты іх пасадзіла!"
У снежні 1973 года пасля перамогі на Рэспубліканскім конкурсе харэаграфічнага мастацтва Валянціну Гаявую запрасілі на пасаду галоўнага балетмайстра Белдзяржфілармоніі. Танец "Весялуха" ў яе пастаноўцы ў выкананні ансамбля "Вяснянка" зачараваў прафесійнае журы на чале са знакамітым Атарам Дадзішкіліяні.
"Я працавала з эстраднымі парамі, з эстраднымі калектывамі і паралельна стварала фальклорна-харэаграфічны ансамбль, пакуль што без назвы", - успамінала Валянціна Гаявая пра работу на новай пасадзе. Даводзілася тлумачыць фінансавым органам, навошта ў філармоніі яшчэ адзін танцавальны калектыў. Спачатку ансамбль прызначылі на падтанцоўку да папулярнай у той час спявачкі Вольгі Шутавай, якую часам называлі беларускай Варанец.
"Мы павінны былі здзіўляць дасканаласцю харэаграфіі, пранікнёнасцю танца"
Ад гэтай другаснай і нецікавай ролі іх выратаваў Анатоль Каландзёнак - флейтыст, франтавік, у 1960-х дырэктар філармоніі, потым адказны супрацоўнік у Міністэрстве культуры. Уладальнік легендарнай "Волгі ГАЗ-24", адной з першых у БССР, якую атрымаў за сенсацыйныя выступленні аркестра Жыновіча на "Экспа-67" у Манрэалі. Гэта былі першыя гастролі беларускіх артыстаў у капіталістычнай краіне. Ён прыдумаў геніяльны па тым часе рэкламны ход: катанне тамтэйшых турыстаў на вазах з беларускім сенам. Менавіта Каландзёнак прывёз з Гродна "Чараўніц", ператварыў "Лявонаў" у "Песняроў", дапамог "Верасам", Лучанку і многім іншым артыстам.
Каландзёнку ўдалося пераканаць, што рэспубліцы надта патрэбны нацыянальны харэаграфічны калектыў, які мог бы прапагандаваць у СССР і за мяжой адметную беларускую культуру.
Адбор у новы калектыў быў вельмі строгі.
- Ледзь мяне адстаялі, - расказвае заслужаны артыст Беларусі Фёдар Балабайка, які танцаваў у "Вяснянцы" з 1967 года.
Невысокага росту, без адукацыі, звычайны слесар кантрольна-вымяральных прыбораў і апаратуры, ён здаваўся зусім непрыдатным для працы ў філарманічным ансамблі. Аднак Гаявая і Дудчанка цанілі яго акурат за тое, што адштурхоўвала акадэмічна настроеных членаў журы: за непасрэднасць, жвавасць, нестандартнасць, дабрадушны народны гумар і здольнасць да імправізацыі. Прайшло пяцьдзясят гадоў, а Балабайка па-ранейшаму застаецца любімцам публікі.
31 студзеня 1989 года. Беларуская сюіта "Субота". Салістка Святлана Кашталапава-Патаповіч
Апроч яго, з Магілёва ўзялі толькі Таццяну Царык (Калацэй) і Васіля Купрыяненку, якога памятаюць як таленавітага аранжыроўшчыка народных танцаў. У студзені 1974-га ансамбль папоўніўся выпускнікамі Мінскага харэаграфічнага вучылішча і некалькімі танцавальнымі парамі з Дзяржаўнага народнага хору. Спатрэбіўся амаль год, каб іх перавучыць пад адзіны харошкаўскі стыль і падрыхтаваць першую канцэртную праграму.
- Гэта былі нумары "Мітусь", "Кадрыль ленсэй", "Столінская пастараль", "Субота", - згадвае Фёдар Балабайка. - Памяшкання ў нас не было. Займаліся ў Доме афіцэраў, у Палацы культуры таварыства глухіх, у Доме настаўніка. Пытанне стаяла рубам: быць альбо не быць. Працавалі як шалёныя. Скептыкі ўсміхаліся: "Не вы першыя, не вы апошнія. Не такія героі, як вы, у першы год ламаліся. Паглядзім, на колькі вас хопіць". Аднак першая праграма паказала, на што мы здатныя, прымусіла з намі лічыцца.
Загадчык трупы Валянціна Гехт расказвае, што ў апошніх класах харэаграфічнага вучылішча яна стажыравалася ў Дзяржаўным ансамблі танца і ў Народным хоры. Думала, што будзе працаваць у адным з гэтых калектываў. Аднак, убачыўшы чарнавую здачу праграмы "Харошак", адразу вырашыла, што яе месца тут.
Больш як чвэрць стагоддзя Валянціна Васільеўна ззяла на сцэне як салістка. Гэта прыгожая, элегантная жанчына з відавочным задавальненнем успамінае, як самалётамі, цягнікамі і параходамі падарожнічалі "Харошкі" па ўсім свеце. Выступалі ў найлепшых залах.
За гастрольнай дзейнасцю калектыву тады пільна сачылі. Акадэмія навук рупілася пра тое, каб арнаменты на кашулях артыстаў не парушалі каноны народнай герменеўтыкі. "Харошкам" забаранялася выкарыстоўваць у танцах цыркавыя трукі, якія ў вялікай колькасці прысутнічалі ў праграмах Дзяржаўнага ансамбля танца Ігара Маісеева, малдаўскага "Жок", грузінскага балета "Сухішвілі" і іншых узорных танцавальных калектываў СССР.
- Мы павінны былі здзіўляць дасканаласцю харэаграфіі, пранікнёнасцю танца, - падкрэслівае Валянціна Гехт. - Менавіта гэта і цяпер вызначае нашу адметнасць. Падчас канцэртаў у зале імя Пятра Чайкоўскага ў Маскве да нас падыходзілі музыканты з сімфанічнага аркестра і казалі, што "Харошкі" - гэта сапраўднае мастацтва.
А як, уласна, з’явілася назва калектыву? Ламалі над ёй галаву доўга. Нарэшце Валянціна Гаявая згадала пра выступленне на аглядзе мастацкай самадзейнасці жаночага ансамбля з вёскі Харошкі Магілёўскага раёна. Удзельніц было сем, самай малодшай - семдзесят гадоў. А "камандаваў" імі малады загадчык мясцовага клуба. "Бабулі тыя ланцужком хадзілі па сцэне, адна з іх на скрыпачцы іграла. Здаецца, што ў гэтым асаблівага? Але кранула да слёз", - расказвала Гаявая. Так і нарадзілася назва калектыву, які неўзабаве сваёй творчасцю здзівіў увесь свет.
2019 год. Аляксандр Нікіта і Валянціна Гаявая
Кожны рух, кожнае па Валянціна Гаявая выдумляла на аснове жыццёвага досведу. "Я не шукала танцы, - тлумачыць яна. - Я шукала цікавых людзей. Яны паўсюль, як камяні, сярод якіх могуць быць каштоўныя". Аднойчы яна ўбачыла, як пераносяць цяжкую ношу, "ношку", калі звычайную посцілку завязваюць за спінай як заплечнік. Цікавую дэталь выкарысталі ў касцюме да нумара "Мядуначка". Магчыма, некалі такі прадмет знікне з побыту, як і слова "ношка", але ўсё ж захаваецца дзякуючы "Харошкам". І такіх прыкладаў нямала.
Тая ж славутая "балотная хада", якую Гаявая выдумала, каб надаць танцам непаўторны беларускі каларыт. "Ідзеш па балотных купінах, і цябе ўвесь час падкідвае. Быццам на кожным кроку завісаеш у паветры", - гаворыць яна.
"Харошкі" ствараюць не проста танцы. Гэта буйныя харэаграфічныя палотны, сапраўднае тэатральнае відовішча, дзе ёсць сюжэтная лінія і характэрныя персанажы. Напрыклад, пастаноўка "Ад смутку да вяселля…" - харэаграфічны спектакль пра вайну і жанчын, пра боль страт і шчасце Перамогі.
- Не разумею людзей, якіх гэты твор не кранае, - гаворыць дырыжор аркестра "Харошак" Ульяна Гаўрылава. - Штораз, калі выконваем на сцэне праграму, плачу. І гледачы таксама часта прызнаюцца, што вельмі шчымліва ўспрынялі яе.
Ульяна - цымбалістка, у калектыве 29 гадоў. Іграе і адначасова кіруе аркестрам, як дырыжоры часоў барока. Музыка займае ў творчасці "Харошак" вельмі важнае месца, і ўклад харошкаўцаў у нашы ўяўленні аб гучанні беларускага народнага аркестра пераацаніць немагчыма. Яны ўзбагацілі яго скрыпкай, басэтляй, лірай, дудой, жалейкай, разнастайнымі дудкамі і акарынамі, дыятанічнымі гармонікамі і цымбаламі.
Здавалася б, гэта быў рух у зваротным кірунку. Дзмітрый Захар, Іосіф Жыновіч і іх паслядоўнікі шмат зрабілі для таго, каб тыя ж цымбалы сталі звычайным канцэртным інструментам, якому дасяжна ўсё багацце класічнай музыкі. А Валянціна Гаявая і музыканты "Харошак" вярталі іх да фальклорных першакрыніц. А што ў выніку? Абедзве тэндэнцыі цудоўна суіснуюць на радасць удзячных гледачоў. Гаявая не пабаялася звярнуцца нават да паганскіх вытокаў: "Адшукала я ў Беларусі дзеда, які з раслінных матэрыялаў - чароту, каласоў, баршчэўніку - рабіў музычныя інструменты. Угаварыла яго, і ён у нас працаваў майстрам і настройшчыкам".
12 студзеня 2023 года. Першы намеснік міністра культуры Валерый Грамада, міністр сувязі Канстанцін Шульган, заслужаны артыст
Беларусі Фёдар Балабайка, дырэктар ансамбля Руслан Абдул на цырымоніі гашэння маркіраванага канверта ў гонар 50-годдзя "Харошак"
Важкі ўклад харошкаўцаў, найперш Валянціны Гаявой і яе сына, мастака Аляксея Гаявога, у стварэнне сцэнічнага народнага беларускага касцюма, які з’яўляецца неад’емнай часткай любых беларускіх свят, у тым ліку дзяржаўных.
У той час, калі толькі з’явіліся "Харошкі", убранне фальклорных калектываў не вызначалася разнастайнасцю і не надта цешыла вока. "Спадніца ў складку, гарсэт… Толькі колер мяняўся. Замест жаночага галаўнога ўбору - павязка як у нябожчыка", - так, паводле Гаявой, выглядаў беларускі жаночы сцэнічны касцюм на пачатку 1970-х. У пошуках фасонаў і тканін Валянціна Іванаўна звярнулася ў Акадэмію навук БССР, дзе якраз рыхтавалі манаграфію па тэме. Аднак безвынікова. На шчасце, у фатаграфічнай калекцыі Ленінградскага музея этнаграфіі і антрапалогіі АН СССР знайшліся выявы жанчын у доўгіх саматканых спадніцах-андараках, фартухах, жакетах, у разнастайных галаўных уборах, якія падкрэслівалі сацыяльны і сямейны статус чалавека. Мастачка Кіраўскага (Марыінскага) тэатра оперы і балета Галіна Смірнова распрацавала на падставе гэтага матэрыялу ўзоры надзвычай прыгожых сцэнічных касцюмаў. Валянціна Гаявая настойвала, каб іх вырабілі аўтэнтычным спосабам з такіх жа аўтэнтычных тканін. І дамаглася свайго. З удзячнасцю ўспамінае майстрыху з Пінска Марыю Сасонку, якая разам з дзвюма памочніцамі на ўласных кроснах выткала для "Харошак" першыя андаракі. Праўда, вярнуўшыся з чарговай паездкі на Палессе, балетмайстар з жахам пабачыла, што іх абрэзалі вышэй за калена. Аказалася, "спецыялісты" з Дзяржаўнага ансамбля танца параілі пакараціць спадніцы - паводле апошніх павеваў моды.
Ці выпадкова, што першы грунтоўны альбом "Белорусская народная одежда" Міхася Раманюка выйшаў у 1981 годзе, калі беларускі народны касцюм намаганнямі "Харошак" стаў папулярным не толькі ў нашай краіне? Ці не "Харошкі" падахвоцілі моду на ткацтва і ўвогуле па-свойму, як маглі, паспрыялі адраджэнню традыцыйных рамёстваў?
Добры творчы імпульс вядомаму ўжо калектыву даў Уладзімір Мулявін, калі пазнаёміў Валянціну Гаявую з музыкай "Полацкага сшытка" ў выкананні ансамбля старадаўняй музыкі "Кантабіле". "Мы з Валодзем Мулявіным у творчым сэнсе вельмі сябравалі, - успамінала пазней кіраўнік "Харошак". - Калі ў 1976 годзе я ўзялася дапамагаць яму з "Песняй пра долю", мяне адгаворвалі: маўляў, "Песняры" нават стаяць нармальна не ўмеюць. А я была на той час галоўным балетмайстрам філармоніі. Мы зрабілі рок-оперу, і яна карысталася вялікай папулярнасцю".
"Для нас гэта шчасце і радасць - перадаць той патрыятычны настрой, які нясе родная культура"
Больш сумесных праектаў у іх не было, але геніяльная ідэя ўвасобіць на сцэне "Полацкі сшытак" - гэта прарыў не толькі ў творчасці "Харошак", але, напэўна, у беларускай культуры ўвогуле. У 1996 годзе за пастаноўкі "Па старонках Полацкага сшытка" і "Бывай, XX стагоддзе!" Валянціна Гаявая ўдастоена Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Упершыню ансамбль народнага танца паказаў на сцэне беларускае грамадства розных эпох у яго саслоўнай неаднастайнасці. Дзеля гэтага давялося дбайна вывучаць мастацтва беларускіх палацаў, нават тагачасную надгробную скульптуру. І… высвятляць адносіны з бухгалтэрыяй, дзе ўпарта не разумелі, навошта беларусаў-лапцюжнікаў апранаць у дарагія футры, аксаміт і карункі.
Але гэта яе прынцып: аніякіх танных падробак. Так было заўсёды, і гэта своеасаблівая традыцыя захоўваецца. Сучасныя тэхналогіі могуць паскараць працэс, але ні ў якім разе не за кошт якасці.
- У нас камп’ютарная вышыўка, - расказвае мастак "Харошак" Аляксей Гаявы. - Яна цалкам імітуе ручную. Малюнак робіцца ўручную ў натуральную велічыню і потым задаецца праграма для вышывальнай машыны.
Вышываць рукамі безліч касцюмаў немагчыма: іх ужо больш як сем тысяч і кожны як маленькі твор мастацтва. "Харошкі" не могуць дазволіць сабе раскошу эканоміць на сваіх прынцыпах нават у дробязях, бо тады няўмольна будзе губляцца тое, да чаго яны ўпарта ішлі многія гады. Гэта як здрадзіць ісціне, самім сабе. Тут шчыра не разумеюць, што можна асучасніць фальклор, як часам прапануюць "Харошкам". Тады, маўляў, іх творчасцю будзе больш цікавіцца моладзь.
- Нельга гэтага рабіць, - гарачыцца Ірына Грушова. - Кожны мусіць выконваць сваю задачу, і недапушчальна стрыгчы ўсіх пад адзін грабянец. Наадварот, трэба захоўваць калектывы, што выконваюць аўтэнтычны фальклор і нясуць жывую традыцыю народна-сцэнічнага танца. Але хай будуць і тыя, хто стылізуе ці цалкам працуе ў рэчышчы маладзёжнай культуры. Толькі варта кожны калектыў цаніць па-свойму.
Руслан Абдул упэўнены, што цікавасць менавіта да народнай культуры ў грамадстве расце.
- Такую відавочную тэндэнцыю сёння назіраем.
h3, выравнивание по центру Варта кожны калектыў цаніць па-свойму
На канцэрты прыходзяць гледачы розных пакаленняў. Многія з дзецьмі, якім у нас вельмі цікава і весела, - дзеліцца дырэктар "Харошак". - Хапае і падлеткаў, якіх вабіць свет сапраўднай прыгажосці. Для нас гэта шчасце і радасць - перадаць ім той патрыятычны настрой, які нясе родная культура.
"Харошкі" - наш несумненны скарб. З вышыні часу добра відаць, як шмат калектыў прыўнёс у духоўную культуру Беларусі. Непаўторныя народныя касцюмы і танцы, самабытнае гучанне аркестра, узоры вялікага мастацтва… Магчыма, мы да канца нават не ўсведамляем, наколькі глыбокі гэты ўплыў і як моцна ён укараніўся ў самім генатыпе нацыянальнай культуры. Менавіта таму "Харошкі" трэба абавязкова зберагчы. Такімі, якімі яны былі заўсёды. Як кажуць, самы час збіраць камяні. Асабліва калі яны каштоўныя.
| Юлія АНДРЭЕВА, часопіс "Беларуская думка". Выкарыстаны ілюстрацыйны матэрыял БЕЛТА, з архіва Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага заслужанага харэаграфічнага ансамбля "Харошкі" і з адкрытых крыніц