Была днямі ў Цэнтральнай кнігарні Мінска на праспекце Незалежнасці. Як звычайна, цікавілася новымі выданнямі. І адразу звярнула ўвагу на паэтычны зборнік "Мілыя вобразы роднага краю". Гэта чарговы том серыі "100 вершаў". Тут творы паэтаў розных пакаленняў, і напісаны яны, можна сказаць, адносна нядаўна - у ХХ і ХХІ стагоддзях. Многія з іх сталі "сівой" класікай, некаторыя, пакладзеныя на музыку, - папулярнымі песнямі, а таму знаёмыя нашым чытачам. Дык чым жа зачапіў гэты зборнік паэзіі? Уявіце, сто вершаў пра родны край, прыгажосць мілых сэрцу мясцін і любоў да Радзімы - і пра гэта пішуць творцы розных узростаў і светапогляду, розных эпох. Цікава параўнаць іх думкі і пачуцці, моц таленту. Спазнаць праз паэтычнае слова, што хвалявала класікаў і па чым смыліць душа сучаснікаў. А якая вобразнасць! Тут "золкі вецер блукае па росах" і "ў белым кіпені сады", "дождж ідзе праменісты і дробны" і "раніцу шчэбет пільнуе", "лагодны вечар сыпле ў рэчку краскі" і "восень едзе на рабым кані". Мне здаецца, нават далёкі ад паэзіі чалавек, калі возьме гэту кніжку, прасякнецца яе дзіўнай гармоніяй і лейтматывам: каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба не толькі ў розных краях бываць, але і ў родныя мясціны часцей наведвацца. Хаця б "у думках залятаць".
Атрымаўшы сапраўдную асалоду ад паэтычнага мастацкага слова, вырашыла: самы час для айчыннай класікі. І нагода ёсць. У папулярным выдавецкім праекце "Народная бібліятэка" з'явілася навінка - "Раман. Апавяданні" Вячаслава Адамчыка. Трэба меркаваць, невыпадкова: вядомаму пісьменніку 1 лістапада споўнілася б 90 гадоў.
Што за раман у кнізе? Найбольш вядомы твор Вячаслава Адамчыка - "Чужая бацькаўшчына". У 1980 годзе ён быў адзначаны Літаратурнай прэміяй імя І. Мележа.
Падзеі ў рамане адбываюцца ў Заходняй Беларусі ў 1938 годзе. Пісьменнік малюе карціну добра знаёмага яму з дзяцінства жыцця "пад Польшчай". Наўрад ці меркаваў аўтар, працуючы над сваім творам, наколькі актуальнай стане гэта тэма праз гады… Адразу заўважаеш: мова герояў шчодра перасыпана дыялектызмамі Навагрудчыны - малой радзімы Адамчыка. Увогуле здаецца, што характары і лёсы спісаны з землякоў, а іх надзеі і трывогі з-за эпахальных змен, што адбываюцца ў краіне, вельмі блізкія аўтару. Як і адданасць родным мясцінам, прывязанасць да няспешнага вясковага побыту і розных жыццёвых дробязей. Аўтар спачувае сваім героям, але не стварае для іх ідэальных умоў. Усё ў рамане так, як у жыцці. У кнізе таксама знойдзеце вядомыя апавяданні "Дзікі голуб", "Салодкія яблыкі", "Урок арыфметыкі" і іншыя.
Крытыкі часта характарызуюць творчасць пісьменніка як вясковую прозу найвышэйшай якасці. Яны, несумненна, маюць рацыю: Вячаслаў Адамчык стварыў вельмі яркія і запамінальныя літаратурныя партрэты вяскоўцаў з Заходняй Беларусі, якія 17 верасня 1939 года сталі жыць у адной краіне са сваімі ўсходнімі братамі. Адметна, што творы Адамчыка часта перакладаюць і чытаюць у краінах Садружнасці.
Увогуле цікавасць да беларускай літаратуры вялікая. Гэта засведчыў і нядаўні Міжнародны кніжны кірмаш у Маскве. Нашы выдавецтвы прэзентавалі нямала навінак. Мяркую, зацікавіла шматлікіх наведвальнікаў знакамітая дэтэктыўная аповесць Уладзіміра Караткевіча "Дзікае паляванне караля Стаха". Яна выйшла ў серыі "Свет класікі" на рускай мове. Перачытваць гэты захапляльны твор можна бясконца. Спадзяюся, тыя чытачы, хто адкрые для сябе Караткевіча на рускай мове, таксама адчуюць усю моц яго непараўнальнага пісьменніцкага таленту. Амаль фантастычная і неверагодная гісторыя, што здарылася з вучоным-фалькларыстам Андрэем Беларэцкім у глухім палескім маёнтку Балотныя Яліны, чытаецца на адным дыханні. Аповесць упершыню была апублікавана ў часопісе "Маладосць" у 1964 годзе і дагэтуль карыстаецца нязменнай папулярнасцю.
З задавальненнем перачытвала "Дзікае паляванне караля Стаха" і, як некалі ў юнацтве, перагортваючы старонку за старонкай, не магла адарвацца ад кнігі. З радасцю адкрывала для сябе нешта новае з таго, што прыхаваў таленавіты пісьменнік для ўважлівага і ўніклівага чытача.
Між іншым, аповесць Караткевіча цікавая яшчэ тым, што дае нам уяўленне пра жыццё і некаторыя традыцыі продкаў.
А вось кніга М.С. Кацара "Беларускі арнамент Ткацтва. Вышыўка" пра тое, якім моцным было ў нашых папярэднікаў імкненне да прыгажосці і якімі зайздроснымі талентамі яны валодалі. Пад адной вокладкай сабраны багаты матэрыял вядомага вучонага: даваенныя запісы, замалёўкі і фотаздымкі, што дапамагаюць навучыцца "чытаць" узоры на дыванах і вышыўках. І такім чынам пазнаваць жыццё беларусаў, іх уяўленні пра шчасце і каханне, а таксама тонкае адчуванне і разуменне прыроды, яе ўзаемасувязі з чалавечым існаваннем. Мова арнаменту вельмі багатая, яна адлюстроўвае думкі і пачуцці майстрых, іх эстэтычныя погляды. "Калі жанчына садзіцца за работу, яна, як пісьменнік, кампазітар ці мастак, выбірае тэму твора, абдумвае яго план, кампазіцыю, каларыт, вызначае галоўныя і дадатковыя вобразы", - чытаем у кнізе. Непісьменныя сялянкі расказвалі даследчыку цэлыя паэмы пра свае вырабы, дапамаглі расшыфраваць таямніцы ў арнаментыцы тканых і вышываных рэчаў. Адна з майстрых так апавядала пра свой занятак: "Я выткала шмат прыгожых посцілак і ручнікоў. Усё, што я бачыла ў жыцці, што рабіла, як мучылася, весялілася, любіла хлопцаў, выходзіла замуж, як мы будавалі дом, кахалі адзін аднаго - усё гэта я расказала ў сваіх работах. У іх уклала ўсё сваё сэрца, усю сваю любоў. У посцілках і ручніках можна гэтак жа праўдзіва расказаць пра сваё жыццё, як і ў кнігах".
Можа, нам таксама варта прыгледзецца да сімвалаў на старых вышываных і тканых рэчах, што яшчэ захаваліся. Глядзіш - гісторыя прыадкрые нам свае таямніцы. Буду ў вёсцы, абавязкова вывучу сімвалы на бабуліных посцілках, яе "шыфраграму" для нас, унукаў-праўнукаў.
Сямейны альбом таксама можа многае расказаць пра мінулае, жыццё нашых родных. Апошнім часам гэтай тэматыкай зацікавіліся і навукоўцы. Аўтар кнігі "Фатаграфія і культура памяці ў беларусаў у другой палове XIX - пачатку XXI ст." С.У. Грунтоў пільна вывучае фотаздымкі акрэсленага часу, асабліва ў вясковых інтэр'ерах. Для гэтага карыстаецца шматлікімі крыніцамі: зборамі беларускіх музеяў, прыватнымі калекцыямі, а таксама ўласнымі этнаграфічнымі матэрыяламі.
Што робіць старыя фотаздымкі, без перабольшвання, унікальнымі? Яны захоўваюць памяць, фіксуюць самыя адметныя падзеі жыцця. Расказваюць пра святы і будні, моду і побыт. Але галоўнае - здольны перадаваць атмасферу і эмоцыі часу. Думаю, многім знаёма гэта: пагартаеш старонкі сямейнага альбома - і быццам пабачыўся з блізкімі, каго ўжо няма на свеце. Шчымліва і радасна становіцца на душы, яшчэ больш моцна адчуваеш нябачную сувязь з імі.
Добрых і разумных кніг на вашым шляху, шаноўныя чытачы!
| Ганна МАСЛЯКОВА, часопіс "Беларуская думка".
Чытайце таксама:
Дзе буслінае гняздо, там маланка не б'е. А што яшчэ нашы продкі казалі пра гэтых птушак?
Што пачытаць гэтай восенню? Пяць варыянтаў на любы густ
Паўліна Мядзёлка: муза паэта і зямная жанчына. Якое дачыненне яна мела да "Паўлінкі"?