10 cтудзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сваімі духоўнымі, творчымі і прафесійнымі дасягненнямі вы ствараеце будучыню нашай Беларусі. Гэта адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 студзеня на цырымоніі ўручэння прэміі "За духоўнае адраджэнне", спецыяльнай прэміі дзеячам культуры і мастацтва, а таксама прэміі "Беларускі спартыўны алімп", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Вашы творчыя дасягненні - гэта жыватворная крыніца, якая напаўняе скарбніцу нацыянальнай культуры, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Я добра ведаю: усё, што вы робіце, - гэта не дзеля ўзнагарод ці матэрыяльнага прыбытку. Ваш прафесійны і жыццёвы шлях абраны вашым сэрцам. А таму вы, як ніхто іншы, вартыя высокага прызнання і глыбокай павагі людзей. Сваімі духоўнымі, творчымі і прафесійнымі дасягненнямі вы ствараеце будучыню нашай Беларусі. Шчыра ганаруся вамі і ад усёй душы ўдзячны за вашу працу".
Аляксандр Лукашэнка працягнуў: "З асаблівай павагай я хацеў бы сказаць некалькі слоў пра сëнняшніх лаўрэатаў. Пра гэтых апантаных сваёй справай людзей, якія ўласным прыкладам усталёўваюць ідэалы міласэрнасці і дабрыні ў сучасным грамадстве, выхоўваюць патрыётамі падрастаючае пакаленне, перадаюць яму вялікую і шчырую любоў да роднай зямлі".
"Рэалізуючы сацыяльна значныя культурныя і адукацыйныя праекты, вы дапамагаеце зберагчы гістарычную праўду і спрадвечную спадчыну беларускага народа", - лічыць Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што прэміяй "Беларускі спартыўны Алімп" адзначаны тыя, хто падняўся на вяршыню спартыўнага майстэрства, пацвердзіў свой найвышэйшы клас медалямі на важнейшых спаборніцтвах. Хто прысвяціў сваё жыццё выхаванню атлетаў і атрымлівае высокія вынікі сваёй працы.
Аляксандр Лукашэнка павіншаваў усіх з такімі высокімі ўзнагародамі. "Няхай гэтыя прэміі стануць не толькі яскравым вынікам мінулага года, але і стымулам для новых дасягненняў і перамог у імя росквіту любімай Беларусі. У гэты ўрачысты момант я жадаю вам міру, дабра, здароўя, новых поспехаў на карысць роднай краіны, творчых знаходак і спартыўных перамог у новым, 2023 годзе", - пажадаў Прэзідэнт Беларусі.-0-