Падобна на тое, што Год добраўпарадкавання дабраўся і да кніжнага свету. На самым пачатку 2025-га з’явіліся выданні, якія адразу прыцягнулі вялікую чытацкую ўвагу. Дакументальна-біяграфічны нарыс "Наш Президент" сярод іх займае асаблівае месца. Многія паспелі ацаніць і ўнікальнасць зместу, і бездакорную якасць складанай паліграфіі гэтага выдання.

Тэму асобы ў гісторыі працягнем кнігай Алеся Марціновіча "Лица во времени". Прысвечана яна сапраўдным тутэйшым геніям, унёсак якіх цяжка пераацаніць. Іх імёны ўвекавечаны ў архітэктурна-скульптурнай кампазіцыі "Залатое кольца беларускай навукі", змешчанай каля Нацыянальнай акадэміі навук, - напэўна, бачылі? З дапамогай аздобленага ілюстрацыямі і цытатамі выдання цяпер можна заглыбіцца ў жыццё і творчасць "залатой сямёркі". Аўтар вядзе нас са стагоддзя XII - у XX, пачынае з заснавальніка філалагічнай і навукова-філасофскай традыцыі, пісьменіка, прапаведніка Кірылы Тураўскага, першадрукара, перакладчыка, асветніка Францыска Скарыны, паэта, драматурга, багаслова Сімяона Полацкага. Следам распавядае пра ваеннага інжынера, тэарэтыка і практыка артылерыі Казіміра Семяновіча. Потым трымае ў полі зроку асобу Яўстафія Тышкевіча з яго спадчынай у галіне археалогіі, этнаграфіі, фальклору, Яўфімія Карскага з яго даследаваннямі беларускай мовы, літаратуры, палеаграфіі.

Калі працягваць тэму выбітных людзей, нельга абысці ўвагай сапраўднага генія сваёй справы, нашага сучасніка - фотажурналіста Анатоля Клешчука. У 2023 годзе ён пайшоў з жыцця, але засталася бясконцая колькасць каларытных фотаздымкаў. З 1993 года імі насычаўся ці не кожны нумар старэйшай штодзённай газеты "Звязда", а яшчэ фотаальбомы, тэматычныя выставы, у тым ліку міжнародныя. Мне пашчасціла працаваць поруч з Анатолем шмат гадоў. Памятаю, як ён радаваўся вынікам сваёй працы, любіў, калі навакольныя падзялялі з ім гэту радасць. Гартаючы яго новы фотаальбом "Беларусь. Зямля пад белымі крыламі", зноў бачу тую любоў, з якой Анатоль ладзіў творчы працэс, каб злавіць веліч і хараство розных рэчаў, з’яў, персанажаў. Яму падабаліся камандзіроўкі, калі можна было мала спаць і шмат працаваць, - майстар праехаў і прайшоў па краіне не адну тысячу кіламетраў, - каб зафіксаваць імгненні жывога жыцця. Вось дарога паміж азёр на Полаччыне, паводка на Нёмане ў Чавускім раёне, Дзвінскі бераг у Друі на Браслаўшчыне, ранак на балоце Ельня ў Віцебскай вобласці, неба праз руіны храма ў вёсцы Смальяны Аршанскага раёна, пабеленыя снегам дахі ў вёсцы Гайна Лагойскага… Усе гэтыя краявіды змешчаны ў альбоме па порах года, пачынаючы з вясны. Яна, дарэчы, не за гарамі…

Канае лета перапёлкай у жыце.
Наведвайце яго - хто быў бліжэй.
А хто далей - дык светла ўспамяніце".
Нахлынулі ўспаміны, а з імі прыгадаліся радкі, напісаныя сорак гадоў таму. Верш "Птах" ды шэраг іншых твораў зоркі паэтычнага слова Яўгеніі Янішчыц напаўняюць свежы зборнік "Непрыручаная птушка", што выйшаў у серыі "Новая бібліятэка беларускай паэзіі". Кніга названа ў гонар аднайменнага верша, прасякнутага настолькі тонкімі і глыбокімі пачуццямі, на якія была здатная, здаецца, толькі яна, Яўгенія Патапчук (яе сапраўднае прозвішча).

"Кожнаму сваё наканавана, разважай не разважай, а нічога не зменіш", - кажа герой апавядання з аднайменнай кніжкі "Любіна сукенка" Валянціны Драбышэўскай. Усё можа быць, калі верыш у лёс. Бывае ён шчаслівым, а бывае… Мільёнам людзей - з розных сем’яў, рознага ўзросту і выхавання, з рознымі марамі ды памкненнямі - выпадае лёс аднолькавы. І тады здараецца так, што ўнучкі гінуць, а бабулі жывуць. Жывуць, каб памятаць.

| Вядучая рубрыкі Святлана Протас, часопіс "Беларуская думка".
Чытайце таксама:
Ад "Івана Шамякіна" да легкавушкі М-20 "Победа". Пра што будзем чытаць узімку?
Ад "Миколки-паровоза" да загадкавага Кітая. Што цікавага з'явілася ў кніжных за месяц