ГОСОРГАНЫГОСОРГАНЫ
Флаг Четверг, 7 ноября 2024
Минск-Уручье Сплошная облачность +5°C
Все новости
Все новости
Калейдоскоп
17 сентября 2024, 17:45

Як жартавалі Купала і Колас? Пяць цікавых кніжных навінак на розны густ

Сонца, мора!.. А можа, летнік або бацькоўская хата, ці ўтульны балкон гарадской кватэры - мноства прыдатных і зручных месцаў, дзе можна адрынуць бясконцую мітусню і спакойна пачытаць. Сёння звычайна ўдакладняюць: электронны носьбіт нам у дапамогу ці пагартаем папяровыя старонкі? На паліцы "Беларускай думкі" выключна друкаваныя кнігі-навінкі, і мы стараемся падбіраць цікавыя для шырокага кола чытачоў. Далучайцеся і вы!

"Мяне здаўна цікавіла пачуццё гумару нашых пісьменнікаў", - нібы прачытаў мае думкі даследчык, музеязнаўца Павел Каралёў. У яго кнізе "Купала і Колас жартуюць" вобразы народных песняроў паўстаюць у іншым святле, не ў такім звыклым і нават крыху шаблонным. Аўтар імкнецца ўбачыць за партрэтамі велічных і "ў чымсьці сумных класікаў" іх вясёлы нораў і самаіронію. Нічога не прыдумляючы, ён звяртаецца да забаўных момантаў з жыцця дзядзькаў Янкі і Якуба, пра якія сведчаць пісьменнікі, што сутыкаліся з імі ў жыцці. Тут знойдзеце пра тое, як класікі парыліся ў лазні і як Купала "даваў хабар" вайскоўцу. Чаго варта гісторыя пра "малако" (ну, вы зразумелі!), якое пісьменнікі бралі з сабою на рыбалку.
Сёе-тое ў кніжцы друкуецца ўпершыню, і гэтым яна асабліва цікавая. Абавязкова падорыць усмешку - і не раз. Сама ад душы насмяялася, і цяпер, напрыклад, дакладна магу ўявіць сына Коласа Юрку, які заспяваў у школе "дайте мне за рупь с полтиной девицу с огнем". Абураная настаўніца з той нагоды нават да бацькоў прыйшла паскардзіцца на яго паводзіны. Сталі меркаваць, дзе ж набраўся малы такога? Высветлілася, што гэта Купала напяваў, калі класікі гулялі ў шахматы!

Працягваем змагацца з сумам. У гэтай справе нам дапаможа і зборнік п’ес "Нескучный театр". Дарэчы, летась ён адзначаны літаратурнай прэміяй імя Кірылы Тураўскага.

Цікава, што аўтар кніжкі Сяргей Зянькоў паставіў амаль 40 спектакляў, прычым першы - у 20 гадоў. Тэатральны рэжысёр, драматург, педагог, мастак - словам, асоба надзвычай творчая, цікавая. Уласна, як і яго драматычныя творы. Вось адзін з іх - "хуліганістая п’еса для тых, каму за дваццаць". У яе нават назва такая ж задзірлівая - "Куда?!. Куда?!. Куда?!.". Галоўныя дзеючыя асобы - сяржант Савецкай арміі Андрэй П’янкоў, якога ўсе завуць проста Бульба, і высокая, прыгожая, з нагамі "ад вушэй" Рая па мянушцы Вялікая - вядуць нас у год 1989-ы. Дзея адбываецца недзе ў Ташкенце, у камунальна-эксплуатацыйнай частцы. Аўтар стварае шмат падстаў для суперажывання героям, якіх звёў лёс. Іх дыялогі далікатна і пераканаўча дапаўняюць тэксты песень вядомых бардаў. Яны ствараюць пэўныя асацыяцыі і міжволі задумваешся і разважаеш пра хуткаплынны час: куды ён так ляціць, чаму хутка мінае маладосць, а разам з ёю і некаторыя нашы мары.
Аздобленая выявамі карцін з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея кніга-альбом "Мілыя вобразы роднага краю" - яшчэ адно выданне, якое хочацца ўзяць у рукі. Уявіце: 100 вершаў беларускіх паэтаў розных пакаленняў пра нашу родную зямлю, яе прыгажосць і мілату ў адным зборніку! Яны абуджаюць цёплыя, узнёслыя пачуцці. Згадайма такія знаёмыя і блізкія коласаўскія радкі, якімі пачынаецца гэта кніга:

Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасць мая!
Што маё сэрца да вас парывае?
Чым так прыкованы я…

У выданні гарманічна спалучаюцца паэтычныя творы, якія напісаны ў розныя гады. Многія з іх сталі класікай беларускай паэзіі. Кожны з творцаў са сваім светапоглядам і стаўленнем да жыцця, але яднае іх любоў да роднай зямлі, перажыванне за яе лёс і будучыню.
Мяркую, добрая кніжка для сямейнага чытання. Можна нават наладзіць спаборніцтва. Скажам, тата дэкламуе "зімнія" вершы, мама чытае ўголас пра восень, а дзеці - пра вясну і лета. Я ж хачу згадаць шчымлівыя радкі Сяргея Грахоўскага:

Стаяць дубровы ў жнівеньскай красе,
Ляцяць у вырай жураўлі і гусі,
Дубовы ліст, у жылках і ў расе,
Мне нагадаў абрысы Беларусі.

Увогуле, тэндэнцыя такая, што менавіта зборнікі твораў найбольш папулярныя і запатрабаваныя.

Прычым у рознаўзроставай чытацкай аўдыторыі. Кніга "Зорны камень" з серыі "Бібліятэка выбраных твораў" не выключэнне. Змітрок Бядуля, Уладзімір Караткевіч, Іван Навуменка, Іван Пташнікаў - адзін пералік аўтараў здольны падахвоціць да чытання. Бо гэта заўсёды незвычайнае падарожжа ў свет розных характараў і жыццёвых абставін.

Мяне чамусьці зачапіла невялічкае апавяданне "Настаўнік". Яго ў 1969 годзе напісаў вядомы савецкі празаік і журналіст Уладзімір Шыцік, аўтар такіх цудоўных твораў, як "Зорны камень", "Лісцік серабрыстай таполі", "Абдымкі Селены". Дарэчы, гэтыя творы таксама ёсць у зборніку.

Перагарнуўшы апошнюю старонку, задумалася над тым, што доўгае бяздзейнае чаканне наўрад ці прывядзе да здзяйснення мар ці нейкіх запаветных жаданняў. Наадварот, лёс аднойчы з лёгкасцю можа ператварыць іх у пыл. Відаць, варта больш пільна ўглядацца ў тое, што маеш, не ўпускаць магчымасці, якія дае жыццё, цаніць кожнае яго імгненне і прыгажосць. Як гэта робіць лірычны герой Уладзіміра Шыціка: "…І што ўбачылі? Бясконцае аднастайнае поле, на якім каласілася аксамітная пшаніца, і жаваранкаў у небе. Што тут незвычайнага? Толькі наш настаўнік захапляўся ўсім гэтым".
Мяркую, шмат часу і высілкаў спратрэбілася супрацоўнікам аддзела старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Марыі Віннікавай і Паліне Богдан, каб урэшце чытач парадаваўся: свет убачыла абноўленая кніга-альбом "Традыцыйны беларускі касцюм".

Назва выдання гаворыць сама за сябе. З адметнасцей вылучыла б найперш тое, што цяпер, у адрозненне ад папярэдніх выданняў альбома, народныя строі аўтары дэманструюць не на манекенах. Іх апранулі людзі, і здымкі зроблены пераважна ў натуральным прыродным асяроддзі. Гэта падкрэслівае выразнасць арнаментальнага і колеравага рашэнняў, характэрных для канца XIX - першай паловы XX стагоддзя. Усе мадэлі - і дзеці, і дарослыя - бездакорна справіліся са сваёй роляй, дзякуючы чаму дапытлівы чытач можа з асаблівай асалодай ацаніць рукатворную прыгажосць традыцыйнага адзення сялян. Ужо і сама кніга выглядае як помнік матэрыяльнай і духоўнай спадчыне беларусаў.

| Рубрыку вядзе Святлана ПРОТАС, часопіс "Беларуская думка".

Чытайце таксама:
"Абавязкова прыходзіць новы дзень". 5 кніг на беларускай мове, якія прымушаюць задумацца
Пяць кніг, якія нядрэнна было б пачытаць разам з дзецьмі
Што вы ведаеце пра нацыянальныя паркі? Пять цікавых кніг, якія выдалі ў Беларусі
Теги
книги
Топ-новости
Свежие новости Беларуси