ГОСОРГАНЫГОСОРГАНЫ
Флаг Понедельник, 20 января 2025
Минск-Уручье Сплошная облачность +2°C
Все новости
Все новости
Калейдоскоп
20 января 2025, 18:15

Ад "Івана Шамякіна" да легкавушкі М-20 "Победа". Пра што будзем чытаць узімку?

Мінулы год быў шчодры на добрыя кнігі: колькі падарыў ён нам імён, сюжэтаў, жанраў! Пасмакуем яшчэ сёе-тое, выданнае ў 2024-м, а ты, 2025-ты, таксама не падмані чаканні.

За многія выданні хочацца, прынамсі, падзякаваць Нацыянальнай акадэміі навук, але асабліва - за новую серыю "Фальклорныя скарбы Беларусі", у межах якой свет пабачыла выдатная па афармленні кніга з нагляднымі ілюстрацыямі ды электронным дадаткам (аўдыя-, відэазапісамі асобных тэкстаў, размешчаных на YouTube). Альбом "Адкуль праўда і крыўда: беларускія народныя легенды і былічкі" можна смела назваць сапраўдным скарбам культуры вуснай народнай традыцыі. Частка звестак, дарэчы, друкуецца ўпершыню, а прадбачлівы пераказ кожнага сюжэціка на рускай і англійскай мовах надае выданню асаблівую каштоўнасць, пашырае кола чытачоў, якія прагнуць паболей даведацца пра духоўныя карані беларусаў, пра іх векавую мудрасць.
Занатаваныя ў кнізе легенды звязаны з паходжаннем усяго жывога на зямлі, самім чалавекам, яго стасункамі з іншымі людзьмі ды з Богам. Ёсць і былічкі - зусім кароткія аповеды пра духаў, дэманаў (напрыклад, пра панскага дамавічка, лесавіка, лізуна, злыдняў ды інш.), ёсць тут і пра розныя дзівосы. А вось якую павучальную былічку пра багацце пераказвалі адно аднаму нашы продкі. Прынесла папараць-кветка аднаму чалавеку велізарнае багацце, а з ім прыйшлі і дакучлівыя думкі-пытанні, маўляў, "дзе я ўсё гэта падзену, навошта мне столькі…" Узяў чалавек дый памёр ад такіх пакут.

З вялікай колькасці пытанняў пачынаецца і адзін вельмі вядомы гістарычны раман-дэтэктыў 1979 года выдання. Прысвечаны твор падзеям далёкага мінулага, але ж і з сучаснасцю ён трывала звязаны. Здагадаліся, пэўна, што гаворка пра "Чорны замак Альшанскі" Уладзіміра Караткевіча. Творам зачытваецца ўжо не адно пакаленне і не адной краіны.
Раман экранізаваўся пад аднайменнай назвай у далёкім 1984-м і меў неверагодны поспех, а снежань 2024-га стаў месяцам прэм’ернага паказу новага фільма "Чорны замак" (прычым адразу і ў нашай краіне, і ў Расіі). Стваральнікі прыклалі нямала намаганняў, каб падштурхнуць гледача да перажывання ўзнёслых, добрых пачуццяў настальгіі, шчырай любові да радзімы, каб нагадаць, што ісціна абавязкова пераможа. Фільм дэманструе нашу прыгожую прыроду і архітэктуру. Цяжка ўявіць, але здымкі праходзілі дзіўным чынам: герой мог зайсці ў адзін аб’ект у Мінску, падняцца па ім у Гродна, выпасці з яго дзесьці ў Віцебскім раёне… Неверагодна, але ж кнігу ўсё роўна трэба чытаць, бо ніякая экранізацыя не заменіць слова Уладзіміра Сямёнавіча, яго спосаб расказаць "самую дзівосную і неверагодную гісторыю", здаецца, "самую неверагодную", якая "адбылася на зямлі Беларускай за апошнюю чвэрць стагоддзя".

Адразу некалькі цудоўных сюжэтаў сабраў, што называецца, з усяго свету пад адной вокладкай зборнік "Скарбы сусветнай літаратуры". Не толькі ж беларускія творы перакладаюцца на іншыя мовы, але і беларусы любяць перакладаць замежнікаў на родную. "Казкі" Кіплінга, "Браты Львінае сэрца" Ліндгрэн, "Белы клык" Лондана, "Пах вербены" Фолкнера… Усё гэта можна і пачытаць, і паслухаць па спасылках на аўдыязапісы праз QR-коды менавіта па-беларуску.
У зборніку ёсць таксама адна неверагодная аповесць, што прымушае заглыбіцца пад тоўшчу вады, у самую сінюю бездань. "Стары і мора" Хемінгуэя я чытала дагэтуль толькі на рускай мове, а цяпер смела магу замовіць слова і за беларускі пераклад: адназначна рэкамендую! Аповесць у дадатковай рэкламе, безумоўна, патрэбы не мае, яна застаецца важнай для ўсіх, хто не баіцца велізарнай душэўнай работы. Іначай не зразумець ні лёс старога, ні таго, пры чым тут рыба: "Цудоўны і дзіўны марлін, і хто ведае, колькі яму гадоў… Ніколі не траплялася мне такая дужая рыбіна, і ніводная не паводзіла сябе гэткім дзіўным чынам… Хацеў бы я ведаць, ёсць у яго нейкія планы ці ён у такой жа роспачы, што і я?".

Ад скарбаў літаратурных - да скарбаў савецкага аўтапрама? Пэўна, так! Бо надта ж добрая кніжка трапіла мне ў рукі - ніяк не абмінуць, нават калі нічога не разумееш у машынах. Прысвечана выданне 80-годдзю з дня нараджэння… легкавушкі М-20 "Победа". Своеасаблівы сімвал велізарнай краіны (кшталту 9 Мая або палёту Гагарына ў космас) належыць да ліку першых у свеце серыйных аўтамабіляў з бяскрылым кузавам, які выпускаўся ў 1946-1958 гадах. Сёння такі цуд можна сустрэць хіба ў музеях ці кіно, аднак вадзіцелі па-ранейшаму ставяцца да самога імені з асаблівым піетэтам.
Гісторыя стварэння аўто настолькі захапляльная, насычаная фактамі і міфамі (куды ж без іх?), што дакументальнага матэрыялу хапіла на цэлую кніжку "Великая "Победа“. От мечты до легенды", у якой аўтар Вячаслаў Бандарэнка ажыўляе перад намі цэлую эпоху, згадвае, чаму менавіта "Победа" стала галоўным сімвалам 1950-х. Здымаючы кінастужкі, прысвечаныя таму часу, рэжысёры абавязкова імкнуліся зафіксаваць гэты аўтамабіль у кадры. "Высокие, высокие отношения!.." - памятаеце легендарную фразу з мастацкага фільма "Пакроўскія вароты"? Гераіня прамаўляе яе, седзячы менавіта ў таксі "Победа". Дарэчы, гэта не адзіны цікавы прыклад. І безумоўна, не адзін толькі легендарны дыктар Юрый Левітан валодаў знакамітай машынай. Шэраг прозвішчаў, гісторый, фотаздымкаў насычаюць кнігу, прысвечаную не такім ужо і далёкім дням, а таму цікавую не толькі для аўтааматараў.

На самую што ні на ёсць вялікую аўдыторыю разлічана і выданне, дзе прачытаем: "…на старонках нашага часопіса ён апублікаваў такія свае творы, як „У засені палаца“, „Губернатар“, некаторыя дзённікавыя запісы, што па сваім багатым змесце, падзейнай насычанасці, дэталёвай вымалёўцы характараў персанажаў набліжаюцца да разгорнутых апавяданняў, пабудаваных на дакументальнай аснове". Гэтыя радкі пісьменніка і літаратуразнаўцы Алеся Марціновіча (ён, дарэчы, працаваў у "Беларускай думцы" ў 2000-х) пра знакамітага рэаліста і рамантыка, "летапісца свайго часу" няцяжка адшукаць у свежым выданні "Іван Шамякін" з серыі "Жыццё знакамітых людзей Беларусі".
Кніга, якая грунтуецца на многіх публікацыях перыядычнага друку і асобных выданняў, з’яўляецца сапраўдным жыццяпісам, створаным "шляхам спляцення фрагментаў аўтабіяграфіі, лістоў, дзённікавых запісаў і ўспамінаў - як самога пісьменніка, так і блізкіх яму людзей - у адзіны рознакаляровы ланцужок даўжынёй у 83 пражытыя Іванам Шамякіным гады". Пэўна, усе сабраныя звесткі дапамогуць лепей зразумець асобу пісьменніка, пяру якога належаць класічныя беларускія раманы "Глыбокая плынь", "Сэрца на далоні", "Атланты і карыятыды", пенталогія "Трывожнае шчасце" ды іншая проза, уключаючы шэраг аповесцей ды апавяданняў.

| Рубрыку вядзе Святлана ПРОТАС, часопіс "Беларуская думка".

Чытайце таксама:
Ад "Миколки-паровоза" да загадкавага Кітая. Што цікавага з'явілася ў кніжных за месяц?
"Тры таварыша" Рэмарка па-беларуску і не толькі. Цікавыя свежыя выданні на розны густ
Ад прозы і вершаў класікаў да сучаснага дэтэктыва: цікавыя навінкі белліта

Топ-новости
Свежие новости Беларуси