ГОСОРГАНЫГОСОРГАНЫ
Флаг Среда, 19 марта 2025
Минск-Уручье 0°C
Все новости
Все новости
Калейдоскоп
18 марта 2025, 18:35

"…Калі шырока глядзіш на ўвесь свет". Алесь Карлюкевіч пра мову, літаратуру і Шубуршуна

Алесь Карлюкевіч
Алесь Карлюкевіч
Пра ролю пісьменніка ў папулярызацыі роднай мовы і чаму маладым творцам трэба дапамагаць, навошта займацца краязнаўствам і даследаваць нацыянальныя літаратуры, ці хацелася стварыць раман-эпапею і калі адправіцца ў новае падарожжа знакаміты Шубуршун - пра гэта "Беларуская думка" пагаварыла з вядомым журналістам і пісьменнікам Алесем Карлюкевічам.

- Алесь Мікалаевіч, у кожнага з нас свой шлях да разумення і ўсведамлення тых каштоўнасцей, што дае нам жыццё. Цікава, калі па-сапраўднаму адчулі для сябе важнасць і значнасць роднай мовы, яе непаўторны смак?

- Даволі складанае пытанне. Не таму, што няма ніякіх успамінаў, звязаных з тэмай мовы ў сямейных стасунках. А таму, што працэс засваення родных слоў заўжды меў натуральны характар. У 1960-70-я гады, у час дзяцінства, я і не задумваўся, чаму, зыходзячы з якіх перакананняў хтосьці гаворыць па-беларуску, а хтосьці - па-руску. Мова была як інструмент у школе. Пазней яна стала для мяне галоўным складнікам зносін з рэдакцыямі, куды адпраўляў свае заметкі, карэспандэнцыю. Станавіўся болей дарослым - шмат чытаў па-беларуску. Непаўторнымі і зараз падаюцца адкрыцці, звязаныя з творамі, з мовай Янкі Брыля і Івана Мележа, Пімена Панчанкі і Рыгора Барадуліна. У мяне дагэтуль захоўваецца (трымаю гэту кнігу дома на рабочым стале) том паэзіі народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі "Млечны шлях", які ён падпісаў мне болей як чатыры дзесяцігоддзі назад, тады яшчэ дзесяцікласніку, з пажаданнем паступаць ва ўніверсітэт на філалагічны факультэт. Жыццё, праўда, распарадзілася іначай, і лёсам назаўжды стала журналістыка.

Спрыялі моўнаму развіццю, павазе да роднага слова і хатняя, і школьная атмасфера. Перыёдыка, якую выпісвалі, - пухавіцкая раённая газета "Сцяг працы", "Чырвоная змена", часопісы "Маладосць" і "Бярозка", "Настаўніцкая газета", а ў старэйшых класах і "Літаратура і мастацтва". Творчае аб’яднанне пры нашай пухавіцкай раёнцы - таксама з паэтаў, літаратараў, якія пісалі па-беларуску: Вольга Савасцюк, Алесь Пісарык, Браніслаў Зубкоўскі.

- Давайце пагаворым пра ролю пісьменнікаў у папулярызацыі роднай мовы. Што могуць зрабіць, на вашу думку, майстры слова? Які ёсць тут патэнцыял?

- Пісаць па-беларуску - вось і ўвесь клопат. Імкнуцца рабіць свае кнігі прывабнымі па змесце. Некалі Караткевіч дзеля развіцця беларускамоўнай прасторы спрычыніўся да дэтэктыўнай прозы… І яшчэ вельмі важна, нават у сённяшні лічбавы час, весці жывы дыялог з тымі, для каго пішам. Таму ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі, у выдавецтве "Беларусь" мы шмат увагі надаём арганізацыі сустрэч з чытачамі, правядзенню чытацкіх форумаў. Толькі з Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеем Якуба Коласа штогод робім тры фестывалі дзіцячага чытання. У чэрвені, напрыклад, - "Міхасёвы прыгоды", а ў лютым - "Ідзі, зіма, ідзі ў дарогу! ". Бываюць на невялікай музейнай сядзібе літаральна сотні школьнікаў. Прыходзяць з мінскіх устаноў адукацыі, прыязджаюць са Стаўбцоўшчыны, з Дзяржынска, іншых раённых цэнтраў краіны.
У Мар’інай Горцы з краязнаўцам Браніславам Зубкоўскі

- Ці імкнуцца маладыя творцы працаваць на роднай мове? Што іх можа падштурхнуць да гэтага? І ці варта наўмысна неяк стымуляваць гэты працэс?

- Падштурхоўваць можна ў тым выпадку, калі творца вагаецца, выбірае; калі падказваюць сэрца, унутраныя памкненні; калі родная мова ў яго творах гучыць натуральна. Нешта рабіць наўмысна, дыктаваць пэўныя правілы - справа нявартая.

"Непаўторнымі і зараз падаюцца адкрыцці, звязаныя з творамі, з мовай Янкі Брыля і Івана Мележа, Пімена Панчанкі і Рыгора Барадуліна".

Маладым, пачынаючым літаратарам трэба дапамагаць. Міністэрства інфармацыі штогод фінансавала альманах моладзі "Першацвет". Гэта канкрэтная справа. Нядаўна пабачыў свет калектыўны зборнік прозы маладых "Вазьмі сваю свяцільню", самаму юнаму аўтару толькі споўнілася сямнаццаць. Гэта таксама рэальная дапамога, тым больш кніга выйшла ў серыі "Сучасная беларуская літаратура".

- Што ўяўляе сабой журналістыка, здаецца, збольшага разумеюць усе. А вось краязнаўства, якім захапляецеся, - гэта найперш даследчыцкая праца, ці не так? І як з гэтым звязана родная мова? Што ўражвае найперш у тых асобах і падзеях, пра якія пішаце ў сваіх кнігах?

- Краязнаўства і журналістыка ў маім жыцці заўсёды, з самага пачатку ішлі разам, поруч. Быццам выцякала адно з другога, дапаўняючы маю ўласную карціну свету.

Што такое ўвогуле краязнаўства? Жаданне ў тым ці іншым фармаце дзейнасці (не толькі праз слова) вывучаць свой родны край, займацца даследаваннем пэўнага рэгіёну. Краязнаўства - гэта рэгіёназнаўства. І мэта яго, кажучы простай мовай, - спрыяць спасціжэнню тых падзей, раскрыццю тых асоб, якія звязаны з пэўнай старонкай, выбіраць у даследаваным і адкрытым такія факты, рабіць такія высновы, што спрыяюць выхаванню грамадства. Патрыятычнаму, гістарычнаму, культурнаму, асветніцкаму… І роля мовы тут таксама важная. Як не акрэсліваць яе вагу, калі, напрыклад, займаешся літаратурным краязнаўствам?! І гэта прысутнічае ў маіх кнігах "Пухавіччына. Літаратурнае гняздо Беларусі" і "Навагрудчына. Літаратурнае гняздо Беларусі".

І, несумненна, без увагі да мовы я не змагу абысціся ў тых літаратурна-краязнаўчых нарысах, над якімі зараз працую.

- Нашы чытачы ведаюць пра вашу цікавасць да нацыянальных літаратур. Вы тут і даследчык, і шчыры прыхільнік развіцця творчых адносін з пісьменнікамі іншых краін. Чаму творцам важна не замыкацца ў сабе?

- Мне асабіста не трэба даказваць, што роднае яшчэ і тады падаецца большай з’явай, калі шырока глядзіш на ўвесь свет, калі сябруеш з прадстаўнікамі розных краін, нечаму вучышся ў іх, праз чужое спасцігаеш і вагу, маштаб роднага.
На сустрэчы з аўтарамі кнігі "Наш Президент" у Савеце Рэспублікі. Дакументальнабіяграфічны нарыс напісаны аўтарскім калектывам у складзе Аляксандра Радзькова, Наталлі Эйсмант, Уладзіміра Пярцова і Аляксандра Карлюкевіча

Неяк так склалася, што ў час, калі быў карэспандэнтам газеты "СБ. Беларусь сегодня", старэйшыя калегі, кіраўнікі выдання прыязна паставіліся да маіх пошукаў аўтарытэтных, яркіх суразмоўцаў за межамі краіны. Так у газеце з’явіліся гутаркі з Чынгізам Айтматавым, Віктарам Бокавым, Эрнстам Неізвестным, славутай дзіцячай пісьменніцай Ірынай Такмаковай, Юрыем Рытхэу, мультыплікатарамі Светазарам Русаковым, Леанідам Шварцманам, мастаком і мастацтвазнаўцам Давідам Габерманам, класікам калмыцкай літаратуры Давідам Кугульцінавым. Размовы з гэтымі людзьмі прыводзілі да многіх высноў пра каштоўнасці, якія ёсць у культуры таго ці іншага народа, яны ўзбагачаюць нас, развіваюць наш інтэлект, надаюць нам сілы.

"Некалі Караткевіч дзеля развіцця беларускамоўнай прасторы спрычыніўся да дэтэктыўнай прозы".

Праца ў Саюзе пісьменнікаў, у рэдакцыях літаратурна-мастацкіх перыядычных выданняў пераканала ў думцы: як многа для развіцця творцы значыць яго кругагляд, так і для роднай літаратуры шмат што значыць яе прызнанне ў свеце. Паступова склаліся праекты, якія і зараз захоўвае, патраніруе Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Гэта міжнародны сімпозіум літаратараў "Пісьменнік і час", а таксама традыцыйны круглы стол беларускіх і замежных пісьменнікаў пад агульнай ідэяй "Мастацкая літаратура як шлях адзін да аднаго", які праводзіцца ў пярэдадзень Дня беларускага пісьменства, пачынаючы з 2007 года.

Стасункі з замежнымі пісьменнікамі і творчымі супольнасцямі дазволілі рэалізаваць шмат чаго і ў галіне мастацкага перакладу - як у частцы звароту да сучаснай беларускай літаратуры, так і ў плане новага асэнсавання класічных твораў на іншых мовах.

- Ці можаце назваць самае адметнае з такіх праектаў?

- Напрыклад, галоўны рэдактар "Литературной газеты" Максім Замшаў пераклаў наноў на рускую мову "Санеты" Янкі Купалы. Выйшлі новыя зборнікі вершаў і прозы Максіма Багдановіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Уладзіміра Караткевіча ў Таджыкістане, Манголіі, Славакіі, Узбекістане, у Расіі - на татарскай мове. Творы класікаў і сучасных літаратараў увайшлі ў новыя анталогіі, калектыўныя зборнікі, што пабачылі свет на кітайскай, узбекскай, таджыкскай, казахскай, сербскай мовах, на мовах народаў Расіі - чачэнскай, татарскай, башкірскай, марыйскай, балкарскай.

Саюз пісьменнікаў узнавіў даўнюю традыцыю, і ў апошні час у Беларусі прайшлі Дні ўзбекскай літаратуры і Дні башкірскай літаратуры. У Доме літаратара адбыўся вечар да 100-годдзя з дня нараджэння легенды савецкай літаратуры, дагестанскага, аварскага пісьменніка Расула Гамзатава. З туркменскім пасольствам у Беларусі правялі вечар да юбілею Вялікага Фрагі, чыя кніга выйшла і па-беларуску. Пры падтрымцы пасольстваў іншых краін мы выдалі творы казахаў Абая, Мухтара Аўэзава, класіка ўсходняй паэзіі Амара Хаяма.
На Калядных чытаннях

Міжнародныя літаратурныя абсягі ўзбагачаюць, узнагароджваюць плёнам і ў індывідуальным творчым, мастацкім пошуку. З’явіліся і мае кнігі з артыкуламі, гутаркамі пра прысутнасць беларускай літаратуры ў свеце - "Братэрства", "Святло сяброўства".

"Роднае яшчэ і тады падаецца большай з’явай, калі шырока глядзіш на ўвесь свет".

Павінен сказаць, беларусам заўжды было ўласціва сябраваць, развіваць добрасуседства, міралюбства. Яшчэ ў 1936 годзе ў Мінску, напрыклад, прайшоў вечар азербайджанскай паэзіі з удзелам гасцей з Баку - Гусейна Джавіда і Мікаіла Мушфіга. З нашай краінай звязаны ваенныя, франтавыя, партызанскія лёсы многіх пісьменнікаў Расіі. На Міншчыне і Магілёўшчыне партызаніў класік калмыцкай літаратуры Міхаіл Ханінаў. Разведку ў партызанскім атрадзе на Віцебшчыне, Аршаншчыне ўзначальваў татарскі пісьменнік Закі Нуры. На Гомельшчыне загінуў узбекскі паэт Султан Джура. За гэтымі лёсамі - гісторыя не толькі літаратуры, за імі - гісторыя нашай еднасці з іншымі народамі, беларускае імкненне да міру, да сцвярджэння міралюбства як галоўнага прыярытэту суіснавання з іншым светам.

- Дакументалістыка, публіцыстыка і нават казкі - усё гэта ў вашым творчым арсенале. Няўжо ніколі не было жадання напісаць вялікі, маштабны мастацкі твор кшталту рамана-эпапеі?

- Ніколі. Хаця з піетэтам стаўлюся да тых, хто працуе ў гэтым жанры. Нядаўна пайшоў з жыцця вядомы літаратуразнаўца, акадэмік Уладзімір Гніламёдаў, які ў сталым узросце напісаў цыкл раманаў, сваю мастацкую эпапею. Уражальны прыклад! Аднак мяне задавальняюць тыя творчыя, жанравыя напрамкі, у якіх працую. І краязнаўчая публіцыстыка, і тыя ж казкі - мая ўласная мастацкая прастора, дзе і ўдасканальвацца заўжды хочацца, і яе абсягі падаюцца даволі шырокімі.

- Казкі і краязнаўчыя кнігі - як удаецца спалучаць настолькі розныя сферы ў сваёй творчасці?

- І віды, і жанры, і ўсё, над чым працую, звязана ў мяне з адным - з жаданнем расказаць пра родны край, мілыя сэрцу мясціны, людзей, якія характарызуюць канкрэтныя геаграфічныя прасторы.

Казкі я пачаў пісаць ужо ў сталым узросце. Да іх мяне падштурхнуў зварот да этнаграфічных, фальклорных матэрыялаў. Часам здавалася, што некаторыя думкі я не змагу занатаваць праз публіцыстыку, дакументалістыку. Але і не ўяўлялася, што гэта дазволіць проза, скажам, апавяданне. Так нарадзілася першая кніга - "Зорны шлях белых гарлачыкаў". Удзячны "Мастацкай літаратуры", выдавецтва адважна падтрымала аўтара, у якога на той час было ўсяго некалькі публікацый такога кшталту ў "Вясёлцы", "Настаўніцкай газеце". Дарэчы, казкі пішу не пастаянна, з перапынкамі.
З башкірскімі пісьменнікамі

- Ці адправіцца зноў у падарожжа ваш неўтаймоўны Шубуршун?

- Здаецца, я зрадніўся з гэтым героем. Ён, як мне падаецца (магчыма, гэта суб’ектыўная ацэнка), спадабаўся і юным чытачам. Мне ў розныя гады перадавалі сувеніры, звязаныя з Шубуршуном, яго выявы, зробленыя ў тым ці іншым матэрыяле. А яшчэ - малюнкі з гэтым персанажам.

У 2015 годзе ў адпачынку дапісаў чарговую казку пра Шубуршуна і паставіў кропку. Спрабаваў вярнуцца на працягу некалькіх апошніх гадоў. Не атрымлівалася. Напісанае адкладаў, нешта не выбудоўвалася. А вось летась напісаў новую аповесць-казку пра Шубуршуна. Чакаю зараз, калі яна выйдзе асобнай кнігай.

"Мяне задавальняюць тыя творчыя, жанравыя напрамкі, у якіх працую".

Чытайце таксама:
"З гэтага ўсё і пачалося". Міхась Пазнякоў пра рускія рамансы, бацькоў і беларускую мову
Помогал другим даже в концлагере. Какими были последние дни профессора Клумова?
"Каб цябе камары стапталі": асаблівасці беларускай лаянкі


- Ведаю па сабе, як няпроста спалучаць творчасць і адміністрацыйную працу. Магчыма, ёсць на гэты конт нейкія асабістыя лайфхакі?


- Якім бы арганізаваным кіраўніком ты ні быў, такое спалучэнне заўжды не на карысць творчасці. Прыярытэты, зразумела, за адміністрацыйнай працай, бо за табой людзі, калектыў, нарэшце - заробак атрымліваеш на працоўным месцы. І ўсё ж пісьмовы стол цягне, забірае той час, які мог бы застацца для сям’і, для іншых спраў. Таму, калі жадаеш нешта зрабіць, то павінен заўжды кіравацца асэнсаваннем выбару. Іншым разам не вельмі зразумелага для родных і блізкіх, часам гэта той выбар, які робіць цябе недасягальным для сяброў. Словам, творчая праца патрабуе пэўнай сістэмы і настойлівасці ў яе арганізацыі. А гэта даволі складаны працэс.

- Жадаем, каб ён заўжды быў паспяховы. Дзякуй за цікавую размову.
Цікавасць да кніг на роднай мове нязменная

КАРЛЮКЕВІЧ Алесь Мікалаевіч

Нарадзіўся ў 1964 годзе ў вёсцы Зацітава Слабада Пухавіцкага раёна. Пасля заканчэння факультэта журналістыкі Львоўскага ВВПВ служыў ва Узброеных сілах СССР і Рэспублікі Беларусь. З 1995 па 2006 год - у рэдакцыях газет "Звязда", "СБ. Беларусь сегодня". У 2006-2011 гадах - дырэктар - галоўны рэдактар РВУ "Літаратура і Мастацтва". З 2011 па 2016 год - галоўны рэдактар РВУ "Выдавецкі дом «Звязда»". У 2016-2020 гадах - намеснік міністра, міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь. З 2020-га - дырэктар - галоўны рэдактар РВУ "Выдавецкі дом «Звязда»". Са снежня 2024 года - дырэктар выдавецтва "Беларусь".

У сакавіку 2022 года абраны старшынёй Саюза пісьменнікаў Беларусі.

Аўтар шэрага краязнаўчых і публіцыстычных кніг, гісторыка-літаратурных і літаратуразнаўчых даследаванняў, а таксама твораў для дзяцей. Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. Лаўрэат Прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За духоўнае адраджэнне".

Топ-5 кніг Алеся Карлюкевіча (па версіі "Беларускай думкі")

  1. Братэрства ("Звязда", 2014)
  2. Прыгоды Шубуршуна ("Звязда", 2013)
  3. Пухавіччына. Літаратурнае гняздо Беларусі ("Адукацыя і выхаванне", 2020)
  4. Зорны шлях белых гарлачыкаў ("Мастацкая літаратура", 2009)
  5. Старонкі віцебскага краязнаўства ("Звязда", 2024)
| Гутарыў Ігар Ганчарук, часопіс "Беларуская думка". Выкарыстаны фота БЕЛТА, а таксама з асабістага архіва Алеся Карлюкевіча.
Новости рубрики Калейдоскоп
Топ-новости
Свежие новости Беларуси